Генры Мозэр. Omega. Longines. Doxa.

Генры Мозэр
З калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь
Швейцарац Генры Мозэр у 1826 г. адкрыў гадзіннікавую майстэрню і гандлёвае прадстаўніцтва ў Санкт-Пецярбургу. Дэталі фірма Мозэра вырабляла ў Ле-Локле, а зборку гадзіннікаў ажыццяўляла ў Санкт-Пецярбургу. Кішэнныя гадзіннікі «Г. Мозер» былі настолькі папулярнымі, што нават з’явіліся іх падробкі. Таму каля надпіса на французскай мове «MOSER& С°» пачалі ставіць кляймо літары «HY», толькі з такімі надпісамі гадзіннікі з’яўляліся сапраўды вырабамі фабрыкі. У 1868 г. Генры Мозэр разам з амерыканскім гадзіншчыкам Фларэнтынам Джонсам заснаваў International Watch Company (IWC). У 2000 г. кампанію набыла група Richemont (швейцарская холдынгавая кампанія, якая спецыялізуецца на вытворчасці і продажы прадметаў раскошы). У 2017 г. брэнд IWC увайшоў у дзясятку вытворцаў швейцарскіх гадзіннікаў.

Omega
З калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь
Кампанія «Omega» была заснавана ў 1848 г. Луі Брандтам у швейцарскім горадзе Ла Шо-дэ-Фон, спачатку кампанія называлася «Louis Brandt & Fills». Пасля сканчэння Першай сусветнай вайны «Omega» заключыла саюз з гадзіннікавай фабрыкай «Tissot» і разам яны стварылі карпарацыю, цяпер вядомую як «Swatch Group». У 1932 г. у Лос-Анджэлесе прайшлі летнія Алімпійскія гульні, дзе «Omega» першай у гісторыі здзяйсняла хранаметраж усіх спартыўных дысцыплін. У наступным кампанія выступала афіцыйным хранаметрыстам на Алімпійскіх гульнях больш за 20 разоў. У 1967 г. кампанія стварыла сістэму панэляў дотыку для спаборніцтваў па плаванні. Мадэль «Omega Speedmaster» стала першым гадзіннікам, які адправіўся на Месяц у рамках касмічнай праграмы Апалон-11, бо толькі яны вытрымалі выпрабаванні НАСА. Да цяперашняга часу кампанія выпускае наручныя гадзіннікі класа «люкс».

Longines
З калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь
У 1833 г. Агюст Агасі і два яго партнёры заснавалі гадзіннікавую фабрыку «Comptoir Raiguel Jeune & Cie». З часам Агюст Агасі стаў яе аднаўладным уласнікам. Кампанія «Longines» першай стварыла механізм, у якім перавод і завод стрэлак ажыццяўляўся з дапамогай завадной галоўкі на корпусе гадзіннікаў, да гэтага ж выкарыстоўваўся асобны ключ. Усе без выключэння гадзіннікі «Longines» маюць парадкавы нумар, што вядзецца ад першых гадзіннікаў, і эмблему на цыферблаце. З часам гадзіннікі паступова перамяшчаліся з кішэні на запясце, і фірма «Longines» стала першай, якая наладзіла ў 1905 г. серыйную вытворчасць наручных гадзіннікаў. Хранографы «Longines» знаходзіліся на борце знакамітага дырыжабля Graf Zeppelin, які здзейсніў паветранае падарожжа вакол свету. У 1983 г. кампанія «Longines» увайшла ў склад швейцарскай кампаніі «Swatch Group» (вытворца гадзіннікаў, ювелірных вырабаў і электронікі).

Doxa
З калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь
Кампанія «Doxa» была заснавана Джорджам Дзюкаммэнам у Швейцарыі ў 1889 г. Пачатак XX ст. стаў перыядам, калі паміж аўтамабільнай і гадзіннікавай прамысловасцю ўтварылася цесная сувязь. Дзюкаммэн заняўся распрацоўкай гадзіннікаў для панэляў аўтамабіляў і самалётаў. Ён скарыстаў высакаякасны гадзіннікавы механізм з васьмідзённым запасам ходу, які запатэнтаваў у 1908 г., сёння ён вядомы як «Doxa 8-days». Адзін з найбуйных вытворцаў аўтамабіляў «Bugatti» ужываў знакамітыя гадзіннікі «Doxa» з васьмідзённым запасам ходу для сваіх гоначных машын. У 1968 г. былі выпушчаны дайверскія хранометры «Doxa Sub 300» – гадзіннікі з аранжавым цыферблатам для чытальнасці пад вадой. Каманда Жака Кусто «Каліпса» скарыстала «Doxa Sub 300» у шмат якіх сваіх экспедыцыях. З 1997 г. брэнд стаў актыўна прасоўвацца ў краінах Усходняй Еўропы, Азіі, на Балканах.
Made on
Tilda