На мяжы XIII–XIV стст. у сярэднявечнай Еўропе з’яўляюцца першыя колавыя ці механічныя гадзіннікі, якія рухаліся з дапамогай грузу. На гладкі драўляны вал намотвалася пяньковая вяроўка з каменным грузам на канцы. Пад дзеяннем грузу вяроўка раскручвалася і круціла вал, на які было насаджана вялікае зубчастае кола, сцэпленае з зубчастымі коламі перадаткавага механізма.
Першыя механічныя гадзіннікі не маглі канкураваць з сонечнымі і патрабавалі шторазовай праверкі. Нягледзячы на гэта, колькасць вежавых гадзіннікаў у Заходняй Еўропе павялічвалася, і да 1500 г. амаль у кожным буйным еўрапейскім горадзе былі ўсталяваны вежавыя гадзіннікі. На тэрыторыі Беларусі захаваўся адзін са старажытнейшых вежавых гадзіннікаў Заходняй Еўропы, які і сёння адлічвае час – гэта вежавы гадзіннік на касцёле Святога Францыска Ксаверыя ў Гродна.
У вітрыне экспануецца макет гродзенскай ратушы XVI ст. з вежавым гадзіннікам. Упершыню ў пісьмовых крыніцах ён згадваецца ў 1541 г. У сярэдзіне XVII ст. ратуша была разбурана ў выніку вайны Вялікага Княства Літоўскага і Княства Маскоўскага. Механізм быў пашкоджаны, аднак яго выратавалі езуіты. У 1677 г. яны пабудавалі калегіум і размясцілі на яго вежы адрамантаваны гадзіннік. Потым быў пабудаваны касцёл Святога Францыска Ксаверыя і ў 1725 г. гадзіннік быў перанесены на вежу касцёла. Пазней сам механізм гадзінніка таксама быў перабудаваны: шпіндальны ход замянілі анкерным з маятнікам. Поруч з макетам размешчана анкерная вілка – гэта дэталь анкернага ходу гродзенскага маятнікавага гадзінніка, якой больш за 200 год.