Механізм «Луч-1356»
У 1989 г. быў запушчаны ў вытворчасць механізм «Луч-1356». Гэта быў механізм з крокавым рухавіком і кварцавым генератарам, з невялікім калібрам 13 мм. На гэтым механізме выходзілі мініятурныя жаночыя гадзіннікі з рознымі бранзалетамі. Напрыклад, гадзіннікі з бранзалетам у тэхніцы фініфць – роспіс па эмалі (15), скань – ажурны ці напаяны на металічны фон узор з тонкага металічнага дроту (16). Велізарную папулярнасць мелі так званыя «вяровачкі» (17), бранзалет якіх нагадваў пераплеценыя косы, і вельмі папулярныя гадзіннікі з бранзалетамі з натуральных камянёў (18). Механізм «Луч-1356» быў зняты з вытворчасці ў 2003 г.
Механізм «Луч-1656»
У 1989 г. была пачата вытворчасць механізма «Луч-1656» з крокавым рухавіком, кварцавым генератарам, калібрам 16 мм. Гэты механізм таксама ўжываўся для жаночых мадэляў гадзіннікаў, якія выпускаліся ў вялікім асартыменце. Напрыклад, жаночыя гадзіннікі, якія спалучалі ў сабе дзве складаныя тэхнікі – фініфць і скань (19). На бранзалеце месцілася фініфць, а корпус абрамляла тонкая плеценая аправа, якая пракручваецца, выканана ў тэхніцы скань. Гадзіннікі выходзілі ў розных колеравых рашэннях. Механізм быў зняты з вытворчасці з 2002 г.