На сцяне – таймлайн, дзе адлюстраваны асноўныя даты і падзеі, якія расказваюць пра развіццё гадзіннікаў. Адным з найстаражытнейшых навуковых інтсрументаў, які дапамагаў арыентавацца чалавеку ў часе і прасторы, былі сонечныя гадзіннікі. З’явіліся яны ў сярэдзіне 2-га тысячагоддзя да нашай эры ў Старажытным Егіпце.
У вітрыне знаходзіцца макет старажытнаегіпецкага сонечнага гадзінніка (2). Ён складаецца з вертыкальна ўваткнутага гномана і цыферблата. Ад гномана падаў цень, які перамяшчаўся па цыферблаце. У поўдзень цень найбольш кароткі, пры ўзыходзе і заходзе сонца – доўгі. З Егіпта сонечныя гадзіннікі распаўсюдзіліся ў Вавілон, Грэцыю і іншыя старажытныя дзяржавы, потым з’явіліся ў краінах Далёкага Усходу. З часам узнікла навука гнамоніка – навука пра сонечныя гадзіннікі.
Пачынаючы з IX ст., сонечныя гадзіннікі ўсталёўваюцца на храмах еўрапейскіх гарадоў. Важным цэнтрам вытворчасці сонечных гадзіннікаў у XV– XVI стст. стала Германія, адкуль іх завозілі ў Іспанію, Італію, Францыю, Англію і іншыя краіны. На тэрыторыю Беларусі таксама завозіліся гадзіннікі з Еўропы.
У вітрыне экспануецца фрагмент сонечнага гадзінніка перыяду Рэчы Паспалітай XVIII ст. (3), які быў знойдзены ў 1968 г. мінскім пяцікласнікам Л. Саньковым на бульвары В. Мулявіна ў Мінску. Потым гэты фрагмент быў перададзены ў Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь. Таксама дэманструецца гарызантальны сонечны гадзіннік XVIII ст. (1), знойдзены на тэрыторыі Гродзенскай вобласці. Тут сонечны гадзіннік займае толькі палову. У другой частцы змяшчаецца ёмістасць, у якую залівалася вадкасць, на выступ прымацоўвалася іголка (стрэлка), усё гэта закрывалася шклом, і атрымоўваўся компас. Компас патрэбен быў для арыентацыі ў прасторы і настройцы сонечных гадзіннікаў.
У другой палове XIX ст. у сувязі з масавай фабрычнай вытворчасцю механічных гадзіннікаў высокай дакладнасці партатыўныя сонечныя выйшлі з ужытку. Аднак сонечныя гадзіннікі працягвалі ўжывацца для навуковых мэт.