Гісторыя Дубровенскай фабрыкі

Залатой эпохай кішэнных гадзіннікаў лічацца XVIII-XIX стст. Тым часам у Расійскай імперыі Рыгорам Арловым распрацоўваецца ініцыятыва стварэння гадзіннікавых дзяржаўных фабрык. У 1764 г. ён выступіў з прапановай па іх арганізацыі перад імператрыцай Кацярынай II. Яна ўхваліла прапанову і падпісала ўказ, у якім загадвалася стварыць дзяржаўныя гадзіннікавыя мануфактуры ў Маскве і Санкт-Пецярбургу.
У 1784 г. у Магілёўскай губерні ў маёнтку Дуброўна князь Рыгор Пацёмкін заснаваў сваю гадзіннікавую фабрыку. Кіраваць мануфактурай быў запрошаны вядомы шведскі майстар Пётр Нардштэйн. З ім быў складзены кантракт і выдадзены грошы з умовай пагашэння гэтый сумы штогод часткамі цягам 10 гадоў. Нардштэйну даручылі навучыць гадзіннікаваму майстэрству прыгонных, тым часам як у Пецярбургу і Маскве працавалі на фабрыках граматныя дзеці з гарнізонных школ. Вучні маскоўскай і пецярбургскай школ былі на поўным казённым забеспячэнні цягам 6 гадоў, а пра сваіх вучняў Пётр Нардштэйн павінен быў клапаціцца самастойна, у тым ліку карміць і апранаць.
Арганізаваная Нардштэйнам фабрыка, нягледзячы на ўсе цяжкасці, была больш жыццяздольнай, чым маскоўская і пецярбургская. За 9 гадоў было падрыхтавана 33 гадзіншчыкі, здольных вырабляць механізмы гадзіннікаў, гадзіннікавыя корпусы, ланцужкі, эмалевыя цыферблаты, гравіраваць, залаціць, вырабляць розныя прылады, патрэбныя для вытворчасці гадзіннікаў. Гадзіннікавыя майстры, навучаныя Нардштэйнам, былі гэтак спрактыкаваны, што маглі вырабіць да 10 кішэнных гадзіннікаў у месяц. Па архіўных дадзеных, дубровенскія гадзіннікі былі лепшымі ў Расійскай імперыі і не саступалі еўрапейскім, а ў асобных выпадках і пераўзыходзілі іх. Аднак прадукцыі дубровенскай фабрыкі хапала галоўным чынам толькі для царскага двара, і толькі невялікая частка гадзіннікаў трапляла на рынак. У арганізацыі фабрыкі быў ужыты прынцып падзелу працы: вытворчы працэс быў раздзелены на мноства асобных звёнаў, кожнае з якіх выконвалася асобным працаўніком. Гэта была тыповая структура арганізацыі вытворчасці мануфактурнага тыпу.
У 1791 г. Пацёмкін памёр, а ў 1793 г. фабрыка была выкуплена ў яго спадкаемцаў Кацярынай II. У 1794 г. фабрыка перавезена ў падмаскоўнае сяло Купаўна – важны прамысловы цэнтр, што складаўся з казённых і прыватных фабрык. У 1800 г. на Купавенскай гадзіннікавай фабрыцы лічылася 32 чалавекі, з іх 26 – дубровенскіх сялян. Аб’ем вытворчасці паступова павялічваўся, разам з гэтым пашыраўся і асартымент. Апроч кішэнных гадзіннікаў сталі выпускаць настольныя гадзіннікі з чырвонага дрэва з пазалотай, насценныя гадзіннікі вялікага габарыту і гадзіннікі ангельскага ўзору. Купавінская фабрыка існавала да вайны 1812 г. Перад наступленнем французскай арміі гадзіншчыкі збеглі, а фабрыка была разрабавана мясцовымі сялянамі і далей не адраджалася.
У Беларусі няма музеяў, дзе былі б прэзентаваны гадзіннікі вытворчасці Дубровенскай фабрыкі. Адзін з арыгіналаў кішэнных гадзіннікаў захоўваецца ў фондзе Дзяржаўнага Эрмітажа ў Санкт-Пецярбургу. Наш музей у супрацоўніцтве з Эрмітажам падрыхтаваў макет кішэнных гадзіннікаў Дубровенскай гадзіннікавай фабрыкі, які знаходзіцца ў экспазіцыі. Існаванне гадзіннікавай фабрыкі ў Дуброўна з’яўляецца важнай вехай у гісторыі гадзіннікавай справы Беларусі.
Made on
Tilda