Механізм «Луч-1800»
Гісторыя Мінскага гадзіннікавага завода пачынаецца ў 1953 г., калі была прынята пастанова пра стварэнне гадзіннікавай прамысловасці ў Беларусі. Завод будаваўся на галоўнай магістралі Мінска, што падавала высокія патрабаванні да афармлення карпусоў. Пачатак будавання выпаў на цяжкія пасляваенныя гады, нягледзячы на гэта, 14 снежня 1955 г. з канвеера сышлі першыя гадзіннікі – «Зара» (1). Гэта былі малагабарытныя жаночыя гадзіннікі з калібрам механізма 18 мм на 16 рубінавых камянях. Механізм гадзіннікаў складаўся з 80 дэталяў, шматлікія не перавышалі памер 1 мм. У 1961 г. было распрацавана некалькі тыпаў гадзіннікаў у бранзалеце з алюмінію, пад колер золата. Яны карысталіся вялікім поспехам у пакупніц, у народзе іх называлі «краб», «дужка» (2).
Механізм «Луч-1300»
Асваенне вытворчасці механізма «Луч-1800» дало магчымасць прыступіць да распрацоўкі новага калібру гадзіннікаў. Перад распрацоўшчыкамі было пастаўлена заданне – стварыць самыя мініятурныя жаночыя наручныя гадзіннікі ў краіне. Вынікам працы стала стварэнне гадзіннікаў з дыяметрам механізма 13 мм. У канструкцыі механізма і вонкавага афармлення ўлічваўся досвед працы з гадзіннікамі «Зара». Для вечка корпуса ўжывалася нержавеючая сталь, у гадзінніках былі зроблены ўстаўныя вушкі пад плоскую папружку. Першая спробавая партыя наручных гадзіннікаў была выпушчана ў 1961 г. пад назвай «Мінск» (3), а механізм атрымаў назву «Луч-1300».
Механізм «Луч-2209»
У 1963 г. была прынята пастанова аб вытворчасці мужчынскіх асабліва плоскіх гадзіннікаў. Механізм атрымаў назву «Луч-2209», меў цэнтральную секундную стрэлку і супрацьударнае ўстройства. На прылаўках крам з’явіліся вытанчаныя мужчынскія гадзіннікі з розным афармленнем. Гадзіннікі атрымалі народную назву «касцюмнікі» (4), лічыліся гадзіннікамі эстэтаў. У той час гэта былі самыя тонкія механічныя гадзіннікі ў Савецкім Саюзе. Гадзіннікі на механізме 2209 былі настолькі папулярныя, што апошняя мадэль была выпушчана ў 1987 г. Выгляд цыферблатаў гадзіннікаў быў разнастайны, выпускаліся так званыя «тэлевізары» (5), у дызайне якіх быў адлюстраваны вялікі інтарэс да тэлебачання. У 1980 г. была выпушчана партыя «Луч-2209» з сімволікай Алімпіяды (6), якая праходзіла тады ў СССР.