Кішэнныя гадзіннікі

Кішэнныя гадзіннікі з’явіліся ў XVII ст. і з’яўляліся прадметам раскошы. Гадзіннікі знаходзіліся ў спецыяльнай кішэні касцюма і пра іх наяўнасць паведамляў ланцужок – шатлен. Залатая эпоха кішэнных гадзіннікаў надышла ў XVIII-XIX стст. У XIX ст. шмат якія еўрапейскія прадпрыемцы арганізоўвалі ў Расійскай імперыі гандлёвыя дамы для зборкі і продажу гадзіннікаў.

Павел Бурэ
У 1815 г. Карл Бурэ заснаваў гадзіннікавую кампанію ў Швейцарыі і пазней пераехаў у Санкт-Пецярбург. Значны ўклад у росквіт фабрыкі ўнёс яго сын Павел Карлавіч і ўнук Павел Паўлавіч. Гандлёвы дом «Павел Бурэ» выпускаў амаль усе тыпы гадзіннікаў побытавага прызначэння: кішэнныя і наручныя, настольныя і насценныя; будзільнікі, мастацкія гарнітуры з бронзавымі кандэлябрамі і каміннымі гадзіннікамі, а таксама гадзіннікі спецыяльнага прызначэння – секундамеры, марскія і карэтныя. Напачатку XX ст. гандлёвы дом «Павел Бурэ» займаў перадавыя пазіцыі сярод швейцарскіх вытворцаў гадзіннікаў. У 1917 г. дзейнасць гандлёвага дому спынілася ў сувязі з рэвалюцыяй. У 2004 г. быў створаны «Гандлёвы Дом па адраджэнні традыцый гадзіншчыка Двара Яго Вялікасці Паўла Карлавіча Бурэ». Яго нашчадак – хакеіст Павел Бурэ, адраджае традыцыі сямейнага гадзіннікавага майстэрства на сучасным этапе.

В. Габю
У 1868 г. швейцарац Вільям Габю заснаваў сваю гадзіннікавую кампанію ў Маскве. Для вытворчасці гадзіннікаў Габю дастаўляў лепшыя механізмы і дэталі са Швейцарыі, аздабляў гадзіннікі каштоўнымі камянямі, упрыгожваў цыферблаты жывапісам па эмалі, развіваў гадзіннікавую вытворчасць, стаў пастаўшчыком міністэрстваў і ўстаноў імперыі, дзякуючы чаму заваяваў папулярнасць. Вільям Габю адкрыў краму на самай прэстыжнай вуліцы Масквы – Нікольскай, дзе былі размешчаны самыя раскошныя крамы. Кампанія працавала да 1917 г. У 2000 г. марка «В. Габю» атрымала другія народзіны ў Расіі і Швейцарыі. У 2001 г. былі выпушчаны першыя гадзіннікі.

Georges Favre-Jacot & Cie
Жорж Фавр-Жако заснаваў гадзіннікавую фабрыку ў 1865 г. пад сваім імем, якую ў 1911 г. перайменаваў у «Zenith». Падчас Першай сусветнай вайны кампанія «Zenith» стала спецыялізавацца на вырабе наручных гадзіннікаў. Вельмі хутка прадукцыя гэтай маркі заваявала папулярнасць ва ўсім свеце, і ўжо да 1920 г. кампанія адкрыла свае філіялы ў шасці гарадах – Маскве, Парыжы, Жэневе, Вене, Нью-Ёрку і Лондане. Кампанія мае шматгадовую рэпутацыю якасці і дакладнасці сваіх гадзіннікаў, атрымаўшы ў агульнай складанасці 1565 разоў першыя прызы за дакладнасць. У 1999 г. мануфактуру «Zenith» выкупіла найбуйнешая група кампаній па вырабу прадметаў раскошы – «Louis Vuitton Moet Hennessy».

Генрых Кан
«Генрых Кан» – адзін з асноўных гадзіннікавых гандлёвых дамоў Расійскай Імперыі, з’яўляўся пастаўшчыком імператарскай гвардыі. Кампанія выпускала дароўныя гадзіннікі па заказах арганізацый з рознымі надпісамі і эмблемамі. У Пецярбургу існавала «Адмысловая крама прызавых гадзіннікаў і знакаў войскаў Генрых Кан». Таксама выпускаліся недарагія наручныя гадзіннікі з нікелю для афіцэраў. Генрых Кан быў добрым гадзіншчыкам, глыбока разумеў тэму, і ўжо ў савецкі час выпусціў падручнік «Практычнае кіраўніцтва па гадзіннікавай справе, часткі 1-4» (1937). Таксама Г. Кан напісаў пазнавальныя кнігі «Кароткая гісторыя гадзіннікавага майстэрства» (1926) і «Гадзіннікі і іх ужыванне» (1928).
Made on
Tilda