Настольны гадзіннік, Гадзіннік-будзільнік (1), Карэтны гадзіннік, Гадзіннік-будзільнік (2).

Настольны гадзіннік. Аўстра-Венгрыя, Вена, другая палова XIX ст. (4).
З калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь
Настольныя гадзіннікі яшчэ называлі каміннымі, бо найчасцей яны размяшчаліся на каміне. У вітрыне экспануецца камінны гадзіннік з боем, корпус якога выраблены з чырвонага дрэва. На цыферблаце размешчана тры адтуліны пад завадны ключ. Адна адтуліна прадугледжана для завода бою, другая для завода ходу гадзінніка, трэцяя для завода бою (мелодыі) кожную чвэрць гадзіны.
 
Гадзіннік-будзільнік фабрыкі «Lenzkirch». Германія, Ленцкірх, канец XIX ст. (3).
З калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь
Гадзіннікавая фабрыка «Lenzkirch» была заснавана ў 1851 г. Гадзіннікі кампаніі былі адзначаны ўзнагародамі на міжнародных выставах у Мюнхене, Лондане, Парыжы, Барселоне, Чылі і інш. З 1875 г. усе механізмы сталі пазначацца таварным знакам «Lenzkirch», яловай галінай і скарачэннем «A.G.U» ці «A.G.U.L.», бо з’яўляліся падробкі. З той пары на ўсіх гадзіннікавых механізмах быў серыйны нумар. У час Першай сусветнай вайны вытворчасць гадзіннікаў была спынена, выпускаліся тавары толькі ваеннага прызначэння. У 1929 г. фабрыка адчувала эканамічныя цяжкасці і была набыта фірмай-канкурэнтам «Юнганс» (Junghans AG.).

Карэтны гадзіннік. Германія, канец XIX – пачатак XX стст. (2).
З калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь
Экспануецца карэтны балансавы гадзіннік са штыфтовым спускам, выраблены ў Германіі пад канец XIX – пачатку XX стст. Карэтныя гадзіннікі называлі яшчэ «афіцэрскімі», гэта назва замацавалася ў часы Напалеона. Такога тыпу гадзіннікі прызначаліся для афіцэраў, каб суправаджаць іх усюды: як дома, так і падчас вайсковай службы. Калі ў майстра заказвалі гадзіннікі, то яны пазначалі ў сваіх запісах «афіцэрскія», так назва і ўвайшла ва ўжытак.

Гадзіннік-будзільнік фабрыкі «Lorenz Furtwagler&Sohne», пачатак XX ст. (1).
Асноўныя дэталі корпуса будзільніка былі выраблены ў Польшчы, а цыферблат заменены пінскім майстрам Л. Белавусам, які напісаў на ім свой адрас: Пінск, Касцюшкі, 11.
Фабрыка «Lorenz Furtwagler&Sohne» была заснавана нямецкім гадзіншчыкам 1836 г. Гадзіннікі характарызаваліся асабліва тоўстымі меднымі пласцінамі і найтанчэйшым завадскім аздабленнем. Пазней на фабрыцы сталі выпускаць пішучыя машынкі. Пасля Першай сусветнай вайны дарагія высакаякасныя гадзіннікі дрэнна прадаваліся. Фабрыка сутыкнулася з цяжкасцямі і на фоне сусветнага эканамічнага крызісу 1929 г. збанкруцілася.
Made on
Tilda