Інтэр’ерныя гадзіннікі

Значным крокам для развіцця гадзіннікавай справы стала вынаходства Галілео Галілеем маятніка, які палепшыў дакладнасць ходу гадзіннікаў. Першыя гадзіннікі з маятнікам былі выраблены ў 1657 г. галандскім навукоўцам Х. Гюйгенсам. З гэтага моманту з’яўляюцца стацыянарныя інтэр’ерныя гадзіннікі, якія размяшчаліся на падлозе, вешаліся на сцены, ставіліся на камінныя паліцы і г.д.
Насценны гадзіннік фабрыкі «Kienzle». Германія, пачатак XX ст.
З калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь
Насценны гадзіннік «Le Roi a Paris» – механічны гадзіннік са спружынным заводам і з эмалевым цыферблатам, які выпускаўся кампаніяй «Kienzle».
У 1822 г. нямецкі гадзіншчык (ці як іх называлі на Беларусі “зэгармістар”) Ёханэс Шленкер адкрыў вытворчасць гадзіннікаў у Швенінгене. Фабрыка спачатку выпускала «Шварцвальдскія гадзіннікі» (гадзіннікі з зязюляй), але пазней асартымент значна пашырыўся. У 1883 г. партнёрам сям’і Шленкер стаў Якаб Кінзле, які ў 1897 г. быў прызнаны аднаасобным уласнікам кампаніі. Гадзіннікавая вытворчасць увесь час развівалася і мадэрнізавалася. У пачатку ХХ ст. кампанія «Schlenker&Kienzle» разам з наручнымі гадзіннікамі вырабляла кухонныя, настольныя, кішэнныя, дарожныя, а таксама наручныя гадзіннікі для жанчын. З 1910 г. фабрыка «Kienzle» пачала выпуск першых мадэляў аўтамабільных гадзіннікаў, кліентамі сталі аўтамабільныя канцэрны: Rolls-Royce, Jaguar, Daimler, BMW, Volvo, Ford, Opel. У наш час кампанія спецыялізуецца на выпуску наручных гадзіннікаў.

Made on
Tilda