Механiзмы "Луч-16853", Луч-"2370", "Луч-2609" . Дзіцячыя гадзіннікі
Механізм «Луч-16853»
У 1992 г. была пачата вытворчасць механізма «Луч-16853» з крокавым рухавіком, кварцавым генератарам, калібрам 16 мм. Асаблівасць механізма – наяўнасць месячнага календара. Унутраны дыск цыферблата круціўся і паказваў фазы месяца. Змена фаз Месяца адбываецца за 29 з паловай сутак (поўны зварот дыска – паказальніка фаз Месяца адбываецца за 59 сутак, што адпавядае двум поўным цыклам змены фаз месяца). Гадзіннікі на гэтым механізме выходзілі ў розных колеравых афармленнях і ў розных памерах корпуса. Механізм «Луч-16853» быў зняты з вытворчасці з 2002 г.

Механізм «Луч-2370»
Механізм «Луч-2370» выпускаўся з крокавым рухавіком, кварцавым генератарам, калібрам 23 мм. Механізм быў абсталяваны індыкатарам дзённага і начнога часу. На цыферблаце быў усталяваны ўнутраны дыск з выявай сонца і месяца, які круціўся, паказваючы час сутак. Гадзіннікі «Дзень – ноч» выходзілі з розным афармленнем, у тым ліку з выявай Чырвонага касцёла Мінска (1998) (20). Механізм быў зняты з вытворчасці з 2003 г.

Механізм «Луч-2609»
Пасля зняцця з вытворчасці культавага механізма «Луч-2209» і нязменных патрэб гандлю ў мужчынскіх механічных гадзінніках, распрацоўка і асваенне механізма «Луч-2609» – з’яўлялася адмысловым гонарам для завадчан. Каштоўнасць для пакупніка была ў тым, што гадзіннікі не кварцавыя, а механічныя. Вытворчасць гадзіннікаў пачалася ў 1999 г. Механізм «Луч-2609» быў першага класа дакладнасці, меў калібр 26 мм, 16 рубінавых камянёў, анкерны спуск, супрацьударнае ўстройства восі балансу, цэнтральную секундную стрэлку. Працягласць дзеяння ад цалкам заведзенай спружыны – не меней за 42 гадзіны. Механізм быў зняты з вытворчасці напачатку 2000-х гг.
Дзіцячыя гадзіннікі
У 1990-я гг. адкрыўся велізарны рынак матэрыялаў, адпаведна пашырыўся асартымент. Сталі вырабляцца мадэлі для дзяцей. Дзіцячыя гадзіннікі былі як механічныя, так і кварцавыя з рознымі дызайнамі і малюнкамі на цыферблатах.
Made on
Tilda