Гадзіннікавая справа ў СССР


Пасля рэвалюцыі 1917 г. майстэрні і гандлёвыя дамы па вытворчасці гадзіннікаў былі нацыяналізаваны. Першапачаткова гадзіннікавая прамысловасць Савецкага Саюза складалася з шэрага дробных майстэрняў, з’яднаных у трэст «Дакладная механіка», які быў створаны ў 1922 г. У яго склад увайшлі: Фабрыка «Новь», склад і майстэрні №3 (фабрыка Рэйніна), завод «Авіяпрыбор», склад №1 (крама Б. Леуба), крама №3 і Петраградская крама (крамы П. Бурэ). Нельга не адзначыць унёсак у арганізацыю і развіццё гадзіннікавай вытворчасці ў СССР беларуса Уладзіміра Пруса. Ён распрацаваў дэталёвы праект па развіццю гадзіннікавай вытворчасці ў СССР, які быў ухвалены на самым высокім узроўні. 20 снежня 1927 г. была прынята пастанова «Пра арганізацыю ў СССР вытворчасці гадзіннікаў». У Амерыцы набылі абсталяванне гадзіннікавых фабрык «Дзюбер» для Першага дзяржаўнага гадзіннікавага завода («1 ГЧ3») і «Ансонія» для Другога дзяржаўнага гадзіннікавага завода («2 ГЧ3»).

Першы дзяржаўны гадзіннікавы завод («1 ГЧЗ»)
З калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь
1 «ГЧ3» быў запушчаны 1 кастрычніка 1930 г. Актыўны ўдзел у наладжванні працы прымаў Уладзімір Прус. Ён быў адным з нешматлікіх спецыялістаў, які ведаў тонкасці тэхналогіі вытворчасці гадзіннікаў. У 1935 г. заводу прысвоена імя Кірава. На прадпрыемстве, у тым ліку, выраблялі наручныя гадзіннікі, запатрабаваныя камандзірамі Чырвонай Арміі. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны завод быў эвакуяваны ў горад Залатавуст, што паслужыла базай для адкрыцця Залатавустаўскага гадзіннікавага завода. Першы гадзіннікавы завод аднавіў працу ў Маскве ў 1942 г. і выпускаў прадукцыю для фронту. Пасля вайны вырабляў гадзіннікі марак «Перамога», «Спадарожнік», «Антарктыда», «Вымпел», «Палёт» і інш. З 1964 г. гадзіннікі Першага Маскоўскага гадзіннікавага завода пачалі пазначацца таварным знакам «Палёт». У 2005 г. гадзіннікавы холдынг «Мактайм» выкупіў абсталяванне і тэхналогіі па вытворчасці калібру хранографа 3133. Выпуск гадзіннікаў прадпрыемствам быў спынены.

Другі дзяржаўны гадзіннікавы завод ( «2 ГЧЗ»)
З калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь
«2 ГЧ3» у Маскве вядзе адлік з 29 лістапада 1924 г., калі былі аб’яднаны Маскоўскі радыётэлеграфны завод, электрамеханічныя і гадзіннікавыя майстэрні Маскоўскага энергамеханічнага завода («МЭМЗ»). 25 красавіка 1930 г. «МЭМЗ» быў аб’яднаны з гадзіннікавай вытворчасцю «Авіяпрыбора» і заводам, які будаваўся, пад агульнай назвай «Другі Дзяржаўны гадзіннікавы завод». Прадпрыемства выпускала ходзікі, буйнагабарытныя будзільнікі, электрычныя маятнікавыя, насценныя, гіравыя гадзіннікі. У час Вялікай Айчыннай вайны «2 ГЧ3» быў эвакуяваны ў Чыстапаль, што паслужыла базай для адкрыцця Чыстапальскага гадзіннікавага завода. Пасля завяршэння вайны завод выпускаў кішэнныя гадзіннікі «Салют», жаночыя «Эра» і мужчынскія «Перамога», настольныя гадзіннікі і будзільнікі. Пасля 1950-х «2 ГЧ3» пачынае масава выпускаць наручныя гадзіннікі «Слава». На «2 ГЧ3» былі выпушчаны першыя кварцавыя гадзіннікі ў Савецкім Саюзе. Пасля распаду СССР памяшканні завода пачалі здавацца ў арэнду, вытворчасць гадзіннікаў скарачалася. У 2005 г. завод і гандлёвая марка «Слава» былі выкуплены кампаніяй «ООО «ВЭБ-Инвест». Выпуск гадзіннікаў прадпрыемствам быў спынены.

Залатавустаўскі гадзіннікавы завод
Гісторыя Залатавустаўскага гадзіннікавага завода пачалася ў 1941 г., калі ва ўральскі горад Залатавуст быў эвакуяваны Першы Маскоўскі гадзіннікавы завод імя Кірава. У гады Вялікай Айчыннай вайны Залатавустаўскі гадзіннікавы завод стаў адным з найбуйнейшых пастаўшчыкоў боепрыпасаў, марскіх і авіяцыйных хранометраў для патрэб Чырвонай Арміі. У наш час Залатавустаўскі гадзіннікавы завод з’яўляецца адным з лідараў расійскай гадзіннікавай прамысловасці.
Made on
Tilda